Штогадовыя рэкалекцыі для святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшлі ў «Карытас»

Паводле кананічнага права кожны дыяцэзіяльны святар мае абавязак прынамсі раз у год перажыць свае рэкалекцыі, таму кожная дыяцэзія арганізоўвае іх для сваіх святароў.

Для душпастыраў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў гэтым годзе іх праводзіў кс. Андрэй Рылка, рэктар духоўнай семінарыі ў Пінску.

2016-09-08-SDM-001

Духоўнае аднаўленне, ўзбагачэнне, пераасэнсаванне свайго жыцця, аднаўленне паклікання святары архідыяцэзіі перажывалі з 5 па 8 верасня. Рэкалекцыі праводзіліся на тэрыторыі архідыяцэзіяльнага «Карытас» у Ляскоўцы.

«Асноўная тэма, на якой былі сканцэнтраваныя рэкалекцыі, — падзяліўся кіраўнік рэкалекцый, кс. Андрэй Рылка, — стала тэма асабістых адносінаў з Богам».

«Прайсці праз сваё жыццё і паглядзець на яго як на гісторыю ўласнага збаўлення. Не разглядаць Бога ў кантэксце свайго жыцця, а наадварот разглядаць сябе ў кантэксце планаў Божага Збаўлення.

Паглядзець на тое, чаго Бог ад нас чакае. Паглядзець на тое, як мы адказваем Богу на нашыя чаканні і спадзяванні. Прыгледзіцца да свайго паклікання і аднавіць той выбар, які зрабілі калісьці.

Прыгледзіцца да тых цяжкасцяў, з якімі даводзіцца сустракацца», — удакладніў святар-рэкалекцыяніст кірункі, над якімі разважалі ўдзельнікі.

Гэтыя развагі дапаўнялі малітвы, сумесныя і індывідуальныя размовы, малітва падчас Крыжова Шляху, які якраз і праходзіў на прылеглай тэрыторыі «Карытас».

2016-09-07-SDM-007

Што дапамагае, што перашкаджае ў святарскім жыцці? Як выглядаюць адносіны з Богам? Як знайсці час, як зрабіць больш эфектыўнай малітву, якая з’яўляецца фундаментам? — толькі некаторыя з шэрагу пытанняў, на якія шукалі адказы ўдзельнікі.

Калі апусціць яе, то ўсё паступова пачынае губляць сэнс. Калі ёсць адносіны з Богам, то намнога больш эфектыўнай становіцца наша святарскае жыццё. З малітвай няма тых ініцыятыў, якія б не былі плённымі, — дадае святар.

2016-09-07-SDM-002

Ці дастаткова для духоўнага развіцця святара адных рэкалекцый на год?

— Звычайна многія са святароў шукаюць і іншых рэкалекцый, харызматычных, альбо рэкалекцый, заснаваных на слове Божым — Lectio Divina, — адказаў кс. Андрэй.

Як адзначыў святар, у Беларусі такія рэкалекцыі праводзяцца вельмі рэдка. Гэта тлумачыцца тым, што краіна, дзе большасць святароў — маладое пакаленне, яшчэ не сфармавала сваіх духоўных лідараў у разнастайных відах духоўнасці.

 Ксёндз Андрэй, якім чынам Вы рыхтуецеся да правядзення рэкалекцый, ёсць нейкі свой спосаб?

2016-09-08-SDM-003

— Для мяне такой падрыхтоўкай стаў мой асабісты ўдзел у рэкалекцыях Lectio Divina.

Калі мяне просяць за некалькі месяцаў, каб я правёў рэкалекцыі, то я адразу пачынаю маліцца і прасіць, каб Бог прамовіў праз сваё слова. Слухаю розныя думкі, натхненні, якія Бог дае на гэтыя рэкалекцыі. З цягам часу выпрацоўваецца свой спосаб – свой стыль адносін з Богам. Чым больш праводжу такія рэкалекцыі, тым больш напрацоўваецца адмысловы багаж.

— Як Вы разумееце тое, што падрыхтаваная  канферэнцыя “пайшла добра”, прымаецца і разумеецца слухачамі?

— Найбольш мне падабаецца, калі я праводжу рэкалекцыі ў адносна невялікіх групах, дзе магчымы дыялог. Па пытаннях і адказах адразу адчуваецца ўзровень групы, наколькі глыбока мы можам пайсці з ёй у біблійных і малітоўных разважаннях.

Што тычыцца сітуацыі ў Беларусі, дзе ў нас не так шмат святароў, я прыкладна ведаю на што звярнуць увагу, якія іх чаканні і праблемы.

Цяжэй праводзіць рэкалекцыі, калі група незнаёмая, калі запрашаюць манаскія супольнасці, дзе зусім іншы стыль жыцця.

Напрыклад, кожны манаскі ордэн мае сваю харызму, свой уклад і духоўнасць, а таксама сканцэнтраванасць на супольнасці. У выпадку з дыяцэзіяльным святаром — іначай, бо ён больш індывідуальна перажывае сваю духоўнасць і адносіны з Богам. У парафіі ён адзін і гэта больш складана і адказна, а ў супольнасці існуе пастаянная падтрымка.

Таму падчас дыяцэзіяльных рэкалекцый важна даць такі зарад духа для дыяцэзіяльнага святара, каб ён мог ісці з ім да вернікаў адзін, — заўважае кс. Андрэй Рылка.

Падрыхтавала Аксана Ючкавіч

Відэа: