У Ляскоўцы прайшоў ІІІ Міжнародны форум супрацоўнікаў і партнёраў «Карытас»

 
10-11 кастрычніка на тэрыторыі дзіцячага цэнтра «Карытас» у Ляскоўцы праходзіла ІІІ Міжнародная сустрэча супрацоўнікаў і партнёраў «Карытас» Беларусі. 
 
 
У сустрэчы прынялі ўдзел замежныя партнёры з Чэхіі, Аўстрыі і Германіі, а таксама некаторыя беларускія біскупы на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам.
 
 
Падвядзенне вынікаў дзейнасці арганізацыі на тэрыторыі Беларусі за апошнія гады і прадстаўленне працоўнай стратэгіі на наступныя — сталі асноўнымі пунктамі сустрэчы, якая распачалася з Эўхарыстыі, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.
 
Любоў да Бога і любоў да бліжняга непадзельныя
 
Нунцый прыгадаў прысутным, што святыя сваю «здольнасць любіць бліжняга чэрпалі са спаткання з Эўхарыстычным Езусам, а гэтае спатканне, у сваю чаргу, набывала рэалізм і глыбіню дзякуючы іх служэнню іншым».
 
«Любоў да Бога і любоў да бліжняга непадзельныя — гэта адна запаведзь», і абодва гэтыя віды любові паходзяць ад Бога, як дадаў арцыбіскуп Габар Пінтэр
 
Потым сваё слова на распачацце форуму прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які падзякаваў замежным партнёрам, а таксама Праваслаўнай царкве і дзяржаўным службам, якія нясуць сваю дапамогу для Беларусі.
 
 
Праблемы, якія з’явіліся ў сувязі з Чарнобыльскай аварыяй, праблемы міграцыі, у тым ліку бежанцаў з Украіны — гэта адны з пунктаў, на якія сваю ўвагу звярнуў Мітрапаліт.
 
 
 
Асобны і разгорнуты даклад па дзейнасці «Карытас» у Беларусі прадставіў кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар «Нацыянальнага Карытаса».
 
Таксама разам з выступамі замежных партнёраў прэзентацыю праекта па дапамозе дзецям з Беларусі падрыхтавала прадстаўніца чэшскай арганізацыі «Карытас» — Таццяна Кандратовіч.
 
 
Дзесяць год назад Таццяна Кандратовіч, ураджэнка Беларусі, Гродзеншчыны, паехала навучацца ў чэшскім універсітэце. Скончыўшы ўніверсітэт, засталася ў Празе, а зараз супрацоўнічае і дапамагае беларусам з-за мяжы.
 
Форум, скончыўся, як і распачаўся, святой Імшой, якую 11 кастрычніка цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
 
У сваім слове падчас гаміліі іерарх заклікаў у справах міласэрнасці, дапамогі бліжняму памятаць пра два вымярэнні: «Не толькі пра гарызантальнае — праца з людзьмі, але і пра вертыкальнае, якое яднае нас з Богам».
 
Таксама арцыбіскуп адначыў, як важна, часамі жыццёва важна, каб тая дапамогу, якую патрабуюць іншыя, была аказана своечасова: «дапамога павінна быць актуальнай».
 
Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, разам з дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім і Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам паблагаславілі ўсіх прысутных.
 
 
 
 

Відэа: