Зайсці на гарачае

«Я быў ганарлівы, і жыццё мяне пакарала», — кажа пра сябе адзін з мінскіх бяздомных і забірае сваю порцыю кашы. За ім у чарзе стаіць яшчэ з дзясятак чалавек з пластыкавымі кантэйнерамі і слоікамі. «Пахне сапраўдным мясам», — заўважае хтосьці. З кастрычніка ў доме начнога знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства арганізавана бясплатная кухня: кожны будны дзень пастаяльцам раздаюць вячэру. Ежу для іх гатуе дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. А на раздачы дзяжураць валанцёры, якія гатовы дзяліцца самым дарагім — увагай і часам.

 

«Дапамога патрэбна ўсім»

— Падобныя сталовыя для бяздомных працуюць у многіх краінах — Расіі, Украіне, Літве, Польшчы, — расказвае дырэктар каталіцкага таварыства брат Андрэй ЖЫЛЕВІЧ. — Паколькі ў доме начнога знаходжання людзям даюць толькі месца начлегу і гарачую ваду, мы вырашылі забяспечыць іх харчаваннем. Нашы супрацоўнікі загадзя тэлефануюць туды, даведваюцца, колькі пастаяльцаў ёсць, і па нормах разлічваюць, колькі прадуктаў спатрэбіцца. Ежа гатуецца на нашай кухні, а потым завозіцца ў дом начнога знаходжання: мы закупілі вялікія кантэйнеры-тэрмасы, каб яна заставалася цёплай.

Праект працягнецца да канца красавіка — у гэты час у «начлежцы» знаходзіцца больш за ўсё пастаяльцаў. Дом разлічаны на 92 чалавекі (цяпер жыве каля 60), але ў суровую зіму там могуць даставіць некалькі складных ложкаў і прыняць каля сотні бяздомных.

— Чым кормім? Мая мама заўсёды казала: «Каб мець сілу, трэба есці або мяса, або сала», — усміхаецца брат Андрэй. — Таму з панядзелка па чацвер раздаём плоў са свінінай, а ў пятніцу (бо посны дзень) — макарону з сырам.

Па падліках, на адну вячэру ідзе пяць кілаграмаў круп, шэсць — мяса, тры — хлеба, паўтара — цукру і два пачкі чаю. У дадатак прыносяць што-небудзь валанцёры: адна сям'я прапаноўвала, напрыклад, спячы пірог. Звычайныя гараджане таксама могуць перадаць прадукты. Або пазваніць на дабрачынную лінію 8902 216 05 05 (са стацыянарнага тэлефона): адзін званок (каштуе тры рублі) = адна вячэра.

Каталіцкае таварыства плануе таксама аказваць бяздомным юрыдычную і псіхалагічную дапамогу, прывозіць да іх цырульніка.

Упэўнена, вы чулі крытыку ў адрас праекта: маўляў, чаму б грошы, за якія корміце пастаяльцаў дома начнога знаходжання, не накіраваць на дапамогу дзецям ці пажылым?

— Так, падобныя заўвагі бываюць, — адказвае брат Андрэй. — Але, я лічу, беспрытульным таксама патрэбна дапамога. Яны такія ж людзі, як усе, проста трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Бяздомным чалавек не становіцца адразу, гэта працэс. І каб ён выбраўся з «багны», таксама патрэбны час. Хоць, вядома, не кожны ацэніць нашы клопат і ўвагу да іх. Да таго ж, у нас ёсць праекты, разлічаныя і на іншыя катэгорыі. У перыяд халадоў, напрыклад, мы раздаём прадуктовыя наборы небагатым шматдзетным сем'ям, купляем для іх неабходнае адзенне — цёплыя курткі, абутак. У нас ёсць таксама склад гуманітарнай дапамогі. Мы размяркоўваем яе праз дзяржаўныя сацыяльныя цэнтры, якія лепш ведаюць на месцах, каму гэтыя рэчы больш патрэбны.

«На работу з такой прапіскай не бяруць»

Вечар, без дзесяці сем. Мы на кухні дома начнога знаходжання. Бландзінка Лена — сёння з валанцёраў прыехала яна адна — наразае хлеб.

— Вы лустачкі на паднос пакладзіце, каб яны самі бралі. Толькі ўвесь хлеб адразу не стаўце — расхапаюць і апошнім не хопіць, — дае парады Фёдараўна, якая працуе тут сястрой-гаспадыняй. — А кіпень кожны сам падыдзе і налье: ім здаецца, што адсюль (паказвае на кіпяцільнік) вада гарачэйшая, чым з чайніка.

На кухню ўжо заглядваюць пастаяльцы. «Ты чаго міску не ўзяў?» — разварочвае аднаго з іх Фёдараўна. Жанчына адкрывае кантэйнер з пловам: падымаецца пара і разносіцца знаёмы пах сталоўкі. «Такая каша — самы лепшы варыянт. Вельмі сытна атрымліваецца», — ухваляе.

Роўна а сёмай Лена становіцца на раздачу і адмярае па тры поўныя чарпакі плову кожнаму. Фёдараўна сочыць, каб бяздомныя прыхапілі порцыі і сваім суседзям: ляжачым і тым, хто яшчэ не вярнуўся з работы. Апошніх, праўда, у доме нямнога — з 60 пастаяльцаў працуе чалавек дзесяць.

Бяздомная Таня вось жыве на пенсію па інваліднасці. Тут яна трэці месяц. Дагэтуль здымала пакой у інтэрнаце мясакамбіната, а потым жанчыну выселілі за няплату. Родных няма. Па правілах, у доме начнога знаходжання Таня можа заставацца не больш за год. Што потым? «Думаю, сюды ўладкавацца. Але для гэтага трэба МРЭК прайсці», — няўпэўнена кажа жанчына.

На кухні заварвае чай Уладзімір, мужчына ў гадах. Ён, дарэчы, працуе — ужо трэці тыдзень. Уладкаваўся санітарам у лячэбна-працоўны прафілакторый.

— Надоўга там?

— Аднаму Богу вядома, — не пераацэньвае сваю сілу волі Уладзімір. Пра тое, чаму тут апынуўся, расказваць не хоча. «Балючая тэма... Дурань быў».

Непадалёк, у сланцах і алімпійцы, стаіць бяздомны дырэктар прыватнай фірмы. Прынамсі, сам Яўген так прадставіўся.

— А ў «начлежцы» што тады робіце?

— Вучуся міласэрнасці.

Выдумляе?

— Тут ва ўсіх аднолькавыя гісторыі: хтосьці пасля адбывання пакарання без жылля застаўся, іншых дзеці выгналі, — заўважае нехта з мужчын. Юрый, як аказалася, сам толькі выйшаў з «зоны». Пакуль сядзеў, яго кватэру канфіскавалі і прадалі. Вяртацца няма куды. Цяпер працуе ў «Зелянбудзе» па дагаворы падраду, а ў выхадныя падзарабляе грузчыкам-камплектоўшчыкам. «Плацяць капейкі. З такой прапіскай ніхто не хоча браць цябе на работу», — незадаволены ён.

— Вячэру вам арганізавалі. А на працягу дня што ясце?

— Ну, у аўторак нам валанцёры бутэрброды прывозяць. А так — хто што знойдзе. Многія на вуліцы харчуюцца. Тут вам не райскае жыццё.

— Гэты з ліку пакрыўджаных, — ківае ў яго бок «бізнесмен» Яўген. — Чалавеку Бог даў свабоду, таму кожны можа выбіраць. Бывае, вядома, збег абставін, але ва ўсіх бедах людзі самі вінаваты.

Праз паўгадзіны чан з пловам пусцее. Прыгажуня Лена збіраецца дадому. Спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці, у валанцёрах яна — з красавіка мінулага года: кажа, у дабрачыннасць прывяла асабістая гісторыя.

Навошта ездзіць да бяздомных, дзяўчына разважае па-філасофску. «Справа не ў жалі: ён ім не патрэбны. Гэта акт міласэрнасці і жаданне падзяліцца тым, што маеш. Калі не грашыма, то часам, увагай. Гэта ўжо вельмі шмат у нашым свеце, які пакутуе ад абыякавасці».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Відэа: