Аплаткавая сустрэча Мітрапаліта Кандрусевіча з супрацоўнікамі «Карытас» прайшла ў Ляскоўцы

14 снежня ў Дыяцэзіяльным цэнтры «Карытас» у Ляскоўцы прайшла аплаткавая сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з супрацоўнікамі «Карытас» чатырох дыяцэзій Беларусі і членамі дабрачынных арганізацый.

Удзельнікі сустрэчы супольна маліліся, дзякавалі Богу за каляндарны год, які завяршаецца, прадстаўлялі свае дасягненні і планы на будучыню, дзяліліся вопытам служэння ў розных кутках Беларусі, складалі адзін аднаму віншаванні з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння і Новага года і дзяліліся аплаткай.

У межах сустрэчы Мітрапаліт узначаліў святую Імшу.

У гаміліі, разважаючы над фрагментам з Кнігі Ісаі, іерарх адзначыў: «Гэты адвэнтавы евангеліст недвухсэнсоўна звяртаецца да Выбранага народа з заклікам не баяцца, бо Бог дапаможа яму цярпенні перамяніць у радасць. Гэты заклік актуальны і ў наш час, калі свет напоўнены шматлікімі выклікамі і праблемамі. Як бачна, свет не можа іх вырашыць сваімі сіламі. Тады надзея застаецца толькі на Бога, як гэта шмат разоў пацвердзіла гісторыя».

«У Евангеллі Езус праслаўляе гераізм св. Яна Хрысціцеля. Ён, знаходзячыся ў вязніцы, паслаў двух сваіх вучняў да Езуса, каб спыталі Яго, гэта Ён доўгачаканы Месія ці трэба чакаць іншага. У адказ Езус сказаў ім, што тое, што яны бачаць і чуюць, і цуды, якія Ён чыніць, сведчыць б тым, што Ён Месія. Пасля таго, як вучні Яна адыйшлі, Ёзус даў сведчанне аб ім.

Яно было патрэбна не толькі для таго, каб узвялічваць Ян Хрысціцеля, але таксама каб людзі памяталі аб ім і аб яго вучэнні, што часта і вельмі хутка забываецца», — звярнуў увагу арцыбіскуп Кандрусевіч.

Кажучы пра заклік, якім Езус завяршае гэтае чытанне Евангелля — «Хто мае вушы, няхай слухае», — іерарх падкрэсліў: «Гэты заклік актуальны і ў наш час. Таму, услухоўваючыся ў яго, мы павінны ўчыніць усё магчымае, каб вярнуць Богу належнае Яму месца ў нашым жыцці ў часы, калі людзі ўсё часцей жывуць, як быццам Бога няма, кіруюцца сваім чалавечым законам і адкідваюць Божы, што з’яўляецца прычынай з’яўлення шматлікіх крызісаў».

Па словах Мітрапаліта, «каб дасягнуць гэтай мэты, неабходна новая евангелізацыя, калі Божае слова абвяшчаецца новымі спосабамі і на зразумелай сучаснаму чалавеку мове». «Калі мы кажам, што Евангелле неабходна абвяшчаць новымі метадамі, то найчасцей думаем пра сучасныя медыя. Гэта праўда, і Касцёл у Беларусі стараецца іх выкарыстоўваць як мага шырэй. Зусім нядаўна адбылася адкрыццё электроннага варыянта Літургіі гадзін. Гэта сапраўды вельмі даступны, асабліва для моладзі, новы спосаб малітвы і абвяшчэння Божага слова», — дадаў іерарх.

«Сярод новых спосабаў абвяшчэння Добрай Навіны асаблівае месца займае стары, вядомы з першых стагоддзяў хрысціянства, і адначасова заўсёды новы, якім з’яўляецца дабрачыннасць. Аб гэтым вельмі добра сведчаць Дзеі апосталаў і пачаткі гісторыі Касцёла, — адзначыў арцыпастыр. — Менавіта тады дабрачыннасць стала адным з найбольш эфектыўных спосабаў абвяшчэння Божага слова. Застаецца яна такой і сёння, у XXI стагоддзі, якое пазначана шматлікімі выклікамі, у тым ліку і беднасцю».

Па словах Мітрапаліта, «Карытас» праз сваё бескарыслівае служэнне патрабуючым як быццам ажыццяўляе заклік прарока Ісаі не баяцца, бо Бог прыйдзе з дапамогай.

«Касцёл атрымаў свабоду веравызнання, каб сваёй дзейнасцю напаіць людзей жыватворчай вадой Божай ласкі. Але Касцёл атрымаў свабоду веравызнання і для таго, каб напаіць і накарміць патрабуючых, маргіналаў, тых, хто знаходзіцца ў крытычнай жыццёвай сітуацыі. Ажыццяўляючы гэтае заданне, “Карытас” дапамагае не толькі матэрыяльна, але і духоўна, бо многім людзям адкрывае вочы на Бога і Яго міласэрнасць. Ваша служэнне дапамагае таксама і нараджэнню Езуса Ягонай ласкай у сэрцах людзей, якія страцілі надзею. Умацоўвае яно і веру супрацоўнікаў дабрачыннасці», — сказаў арцыбіскуп, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы.

Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў супрацоўнікаў дабрачынных арганізацый ісці з міласэрнай любоўю да патрабуючых, і тады «Езус стане больш бачным у нашым грамадстве».

Матэрыял парталу Catholic.by

Відэа: