Супрацоўнікі і валанцёры Карытас перажылі велікапосныя рэкалекцыі

З 12 па 14 сакавіка ў ДКТ "Карытас" Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбыліся рэкалекцыі для супрацоўнікаў і валанцёраў Карытас з усёй Беларусі. Прымалі ўдзел таксама і дырэктары: кс. Віктар Гайдукевіч (Нацыянальны Карытас), кс. Аляксандр Фамяных (Мінска-Магілеўская архідыяцэзія), кс. Віталій Дабраловіч (Гродзенская дыяцэзія) і кс. Павел Халяўкін (Пінская дыяцэзія). Духоўныя практыкаванні праводзіў кс. Вячаслаў Пялінак, вікарый парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім.

 

Ксёндз-рэкалекцыяніст на самым пачатку яшчэ зазначыў, што сам ніколі не займаўся такой дзейнасцю, таму не збіраецца праводзіць канферэнцыі, як нейкае паглыбленне ведаў, але толькі як духоўныя практыкаванні. "Я не звяртаюся да вас, як да супрацоўнікаў арганізацыі ці нейкай фірмы, але як да звычайных і простых людзей", - звярнуў увагу святар.


Уступная канферэнцыя был прысвечана дабрыні і міласэрнасці. Людзі, якія будуць збаўленыя, будуць здзіўлены дабром, якое ўчынілі.


У другі дзень кс. Вячаслаў прапанаваў для разважання дзве біблійныя іконы "Езус і самаранка каля студні" і "Левіт, святар і самаранін".


"Хрыстос хоча чуць нашу гісторыю жыцця з расчараваннямі і прагненнем. Не трэба вырываць дрэнныя старонкі з яе, як з дрэннай кнігі, але наадварот расказваць як Езус змяніў тваё жыццё. Калі ты не ведаеш чаго прагнеш і чакаеш, то ўзглянь на гісторыю і ўлаві логіку, і прасі ў Хрыста тое прагненне, а пасля ідзі і абвяшчай. Ніколі не спатолішся тым, што табе не належыць.(...) А яшчэ запомніце, ніколі не прасіце дапамогі ў вольных людзей, але прасіце ў занятых. Калі чалавек вольны ад працы, то ён альбо нічога не робіць, альбо не ўмее рабіць. А калі чалавек вельмі заняты, то ўсё роўна знойдзе вольную хвілінку каб выслухаць і дапамагчы", - параіў кс. Вячаслаў.


Час рэкалекцый, які быў прасякнуты глыбокімі канферэнцыямі, прыгожымі набажэнствамі, малітвай і спевамі, да глыбіні душы закрануў кожнага ўдзельніка. Некаторыя з іх падзяліліся сваімі ўражаннямі:


Марыя, 26 год, валанцёр ДКТ "Карытас" Пінскай дыяцэзіі: "Перш за ўсё рэкалекцыі дапамаглі крыху больш зразумець сябе, дакрануцца да сябе сапраўднага. гэта час сустрэчы, гэта размова з сабой і з Богам, гэта боль і радасць, спатканне са сваім сумленнем. І часам кожнаму з нас не хапае жывых эмоцый, шчырых дзіцячых вачэй, звернутых да Бога. Гэтыя рэкалекцыі дапамаглі мне атрымаць увесь спектр эмоцый, ад фортэ да піяна і перажыць некалькі сардэчных тахікардый, каб нарэшце рэшт адказаць на пытанне: хто я ёсць? І я знайшла тую асобу, якая прагне шукаць, быць справядлівай і жыць. Душа бязгрэшнай не бывае, а, значыць, і боль павінен быць. Пакуль душа баліць - яна жывая, і толькі той жыве, каму баліць.
Мне падаецца, што рэкалекцыі з'яўляюцца тым штуршком, каб нешта рабіць і старацца адносіцца да свайго бліжняга з любоўю, не баяцца чалавека, не быць перапалоханым, не саромецца быць з ім на адным узроўні; а самае галоўнае - быць шчырым з сабой і не толькі дапамагаць патрабуючым, але і прымаць дапамогу ад іх - словам, позіркам, жэстам, дакрананнем".


Павел, 21 год, валанцёр, г. Камянец: "Падчас гэтых трох рэкалекцыйных дзён пераасэнсоўваеш, што такое сапраўдныя дабрыня і любоў да бліжняга, як ты праяўляеш гэтую дабрыню, як павінен весці сябе хрысціянін у той ці іншай сітуацыі. Безумоўна, самому цяжка ўнікнуць у сутнасць міласэрнаснай любові да бліжняга і ўсяму навакольнаму. Дзякуючы такім спатканням і канферэнцыям, нам прасцей падараваць гэтую любоў людзям, якія побач".


Антаніна, 50 год, супрацоўнік ДКТ "Карытас" Віцебскай дыяцэзіі: "Сённяшнія рэкалекцыі глыбока запалі мне ў душу, хоць гэтыя словы з Евангелля я чула шмат разоў, але яны прагучалі для мяне ў новай інтэрпрэтацыі. Для сябе з гэтых рэкалекцый я пераасэнсавала сваю свядомасць у адносінах да сваіх блізкіх: сваёй сям'і і калег па працы. Трэба навучыцца разумець кожнага человека. Калі я разумею гэтых людзей, то буду яшчэ лепш ставіцца з дабрынёй, разуменнем, міласэрнасцю да тых людзей, якія будуць звяртацца да мяне за дапамогай".


Ядвіга, в. Чарняўчыцы, Брэсцкі р-н, валанцёр: "Рэкалекцыі - гэта проста абнаўленне душы. Запамінаецца кожнае слова. Я лічу, што кожны з нас пераменіцца, прадумае кожнае пачутае слова. Мяне вельмі ўзрушылі прамовы святара. Пераасэнсоўваеш проста сваё жыццё і параўноўваеш. Гэта вельмі добры ўрок у жыцці кожнага. Рэкалекцыі для мяне - гэта радасць".

 

Вераніка, 23 гады, супрацоўнік ДКТ "Карытас" Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: "Рэкалекцыі былі проста выдатнымі. Я іх перажыла вельмі глыбока і падчас канферэнцый заўсёды знаходзіла нешта вельмі важнае для сябе ў дачыненні да бліжняга. Што тычылася канкрэтна мяне, то нават разумела, што я магу і павінна рабіць "на практыцы". Мне заўсёды гэта ўдавалася вельмі цяжка, але цяпер я дакладна бачу хоць бы кірунак і пачатковыя дзеянні. Я вельмі ўдзячная кс. Вячаславу і Богу за гэтыя дні. Упэўнена, што як чалавек слабы, я паспрабую бачыць і ставіцца да блізкіх па іншаму, нават, калі гэта цяжка. Не ведаю, як доўга буду бачыць гэты накірунак у сабе, але цяпер ён для мяне вельмі ясны і я адчуваю сябе спакойнай і ўпэўненай. Праслаўляю Пана!"


Святую Імшу апошняга дня рэкалекцый цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які ў зваротным слове засяродзіў увагу на тым, што кожны чалавек з'яўляецца люстэркам для свайго бліжняга і не трэба забываць аб гэтым.

Марына Сінкевіч, тэкст

 

Відэа: