26 сакавіка ў Магілёве адзначылі «Фіялетавы дзень»

Фіялетавы дзень, альбо Дзень хворых эпілепсіяй, адзначылі ва ўсім свеце 26 сакавіка. Прыдумала гэтае свята дзевяцігадовая Кесідзі Мэган, якая пакутуе эпілепсіяй. Дзяўчынка вырашыла паказаць, што нічым не адрозніваецца ад іншых дзяцей.
У гэтым годзе валанцёры Caritas з Магілёва вырашылі далучыцца да акцыі. Ідэйным натхняльнікам мерапрыемства ў Магілёве стала 21-гадовая Марыя, якая таксама пакутуе ад гэтай хваробы.

«Часта людзі з эпілепсіяй баяцца завесці сям'ю, уступіць у адносіны. Але трэба зразумець, што гэтыя мужчыны і жанчыны - такія ж, як усе», - адзначыла ўрач-псіхатэрапеўт Жанна Гукасава.

На жаль, падчас эпілептычнага прыпадку чалавек не можа сабе дапамагчы, таму людзям вакол яго трэба быць падкаванымі. Урач дзіцячай абласной бальніцы Вікторыя Мігунова распавяла аб правілах першай дапамогі падчас прыступу. Аказваецца, не трэба ўкладваць чалавеку ў рот розныя прадметы, каб не пашкодзіць зубы і сківіцу. Дастаткова павярнуць яго галаву набок, каб не западаў язык, і дачакацца прыезду хуткай дапамогі.

Карысныя веды, дружалюбная атмасфера і падтрымка Машы - вынікі «фіялетавага дня» ў Магілёве.

Тэкст: Дар'я Семянько
Фота аўтара

Відэа: