Распачынаецца перыяд чакання Збаўцы Езуса Хрыста – Адвэнт

Гэты час дадзены нам для таго, каб падрыхтавацца да свята Божага Нараджэння

Дарагія сябры, калегі і дабрачынцы!
Мы распачынаем перыяд радаснага чакання нашага Збаўцы Езуса Хрыста – Адвэнт. Гэты час дадзены нам для таго, каб падрыхтавацца да свята Божага Нараджэння. Мы рыхтуем нашы дамы і кватэры, рыхтуем падарункі блізкім, стравы на святочны стол і г.д. Усё гэта безумоўна прыемныя клопаты, але вакол нас ёсць тыя, хто шукае нашага спачування і дапамогі. Кожны дзень знаходзяцца дзесяткі такіх людзей, але мы не заўсёды звяртаем на іх увагу. Тым не менш, заўважаем мы гэта, ці не, ёсць дзеці, якія растуць без бацькоў, ёсць тыя, хто пакутуе ад голаду і нястачы, ёсць людзі, магчымасці якіх абмяжоўваюцца цяжкімі псіхічнымі і фізічнымі хваробамі, ёсць сем’і, якія напаткала страшная бяда – цяжкая хвароба дзіцяці. Вядома, мы не можам дапамагчы усім, аднак, гэта не значыць, што мы не можам зрабіць нічога!
Ужо сёння мы можам дапамагчы тым, хто ў патрэбе, набываючы ва усіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі вігілійную свечку “Caritas – Калядная дапамога дзецям”.

Caritas – гэта не проста адна з дабрачынных арганізацый, гэта частка Касцёла, якая паклікана выконваць адну з асноўных яго функцый – клапаціцца пра патрабуючых. Гэта значыць, што падтрымліваючы Caritas, мы рэалізуем наша хрысціянскае пакліканне. Падтрымліваючы Caritas, мы дапамагаем тым, хто апынуўся ў бядзе, падтрымліваем сем’і, у якіх дзеці хварэюць на анкалагічныя захворванні, прычыняемся да рэабілітацыіі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, кормім бяздомных. Таму, няхай гэты маленькі сімвал – калядная свечка – будзе знакам міласэрнасці і прыняцця патрабуючага чалавека у нашыя сэрцы.
Карыстаючыся магчымасцю, хачу скласці Вам шчырыя віншаванні з нагоды надыходзячых Святаў Нараджэння Пана, жадаю Вам плённай адвантавай падрыхтоўкі да прыняцца Нованароджанага Есуса у Вашы сэрцы. Сардэчна дзякую ўсім неабыякавым Людзям, за тое што дапамагаеце выкарыстоўваючы розныя магчымасці: нашу дабрачынную лінію, банкаўскую сістэму АРІП, сістэмы iPay і Webpay. Але перш за ўсё за вашу духовую падтрымку і малітву. Гэта сапраўдны ўклад і шанец зрабіць свет лепшым.

Бр. Андрэй Жылевіч OFMCap.
Дырэктар Карытас
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Відэа: