Госці з Германіі правялі семінар для валанцёраў Беларусі

 

Семінар для валанцёраў прайшоў ў цэнтры «Карытас» Мінска–Магілёўскай архідыяцэзіі.

Дакладчыкамі на семінары былі прадстаўнікі «Мальтыйскай службы дапамогі» на чале з федэральным упаўнаважаным службы па справах Беларусі Алаізам Шмігельтам.
Семінар праходзіў для дзвюх груп валанцёраў, якія былі запрошаны з розных парафіяльных філіялаў «Карытас»з усёй Беларусі. Каардынавала праект Вераніка Шэнда.

На пачатку семінара, мэтай якога было навучанне асновам валанцёрства на вопыце працы Мальтыйскай службы дапамогі з Германіі, слова прывітання да ўдзельнікаў прамовіў дырэктар «Нацыянальнага Карытаса» кс. Віктар Гайдукевіч, а таксама дырэктар БКТ «Карытас» Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі кс. Аляксандр Фаміных.

У ходзе дакладу Алаіз Шмігельт распавядаў не толькі пра тэарэтычныя асновы валанцёрства, але і ілюстраваў працу, якая ўжо праводзіцца ў Беларусі, фотаздымкамі, пад кожным з якіх мелася свая гісторыя лёсу чалавека, якому патрэбна дапамога.

Алаіз Шмігельт адзначыў, што такіх фотаздымкаў за 15 год працы, якую ён, узначальваючы Мальтыйскі ордэн, праводзіць у Беларусі, назбіралася каля пяці тысяч.

Семінар такога кшталту «Нацыянальны карытас» праводзіць у другі раз, упершыню ён адбыўся ў маі 2014 года.

Алаіз Шмігельт, упаўнаважаны мальтыйскай службы па справах Беларусі, дзеліцца сваімі думкамі наконт сваёй працы ў краіне:

«Калісьці я прыехаў у Беларусь, сустрэў тут розных людзей і мяне вельмі натхніла магчымасць дапамагаць людзям тут. Увогуле, “Мальтыйская служба дапамогі” вядзе сваю дзейнасць у 125 краінах свету.

Важнасць не кіраваць працаю, але і самім яе выконваць

Асабіста я да такой дзейнасці прыйшоў тады, калі пайшоў на пенсію. Але я быў актыўным чалавекам і вельмі шмат працаваў з людзьмі, таму і прыйшоў у гэту арганізацыю.

Гэта праца для мяне цікавая тым, што ў ёй сустракаецца шмат нечаканых момантаў.

Калі мы наладжвалі працу ў Беларусі, то вырашылі, што для нас будзе важная справа з канкрэтнымі людзьмі, — “у самым нізе, канкрэтная дапамога”, таму ў нас не будзе свайго офіса, свайго штату, дзейнасць якога мы б кіравалі.

Канечне, нам быў патрэбны партнёр у краіне, якім і стала арганізацыя «Карытас», якая дапамагае арганізоўваць пэўныя праекты ў розных гарадах Беларусі: Нясвіжы, Крупках, Слоніме, Віцебску, Суражы і інш».

Алаіз Шмігельт падзяліўся сваёй радасцю ад працы, якую ён зараз выконвае: «Што можа быць прыгажэй і лепш, калі ты ўжо з’яўляешся на пенсіі, а можаш быць запатрабаваным і штосьці рабіць для іншых».

Вера і ўчынкі

Нашай дзейнасцю не з’яўляецца місіянерства, бо мы не абвяшчаем Божага Слова, але мы кажам пра тое, што абвяшчае Біблія, праз нашыя ўчынкі. Яны — найбольш верагоднае і бачнае.

У маёй дзейнасці і жыцці не з’яўляецца галоўным штодня прысутнічаць на святой Імшы, ці прабываць на малітве ў Касцёле, але важна кожны дзень рабіць штосьці, што выражае веру менавіта праз учынак.

Я лічу, што калі робіш другі крок – справы, пасля першага – малітвы, то менавіта тады ўдзел у Святой Імшы набывае сэнс. Праз справы мы нясём Хрыста і праз хлеб штодзённы мы дзелімся Ім з іншымі».

 

Аксана Ючкавіч, паводле catholic.by

Відэа: