Мы супраць несправядлівасці, хлусні і гвалту

Мы супраць несправядлівасці, хлусні і гвалту

У апошнія дні вочы ўсяго свету скіраваны на Беларусь.

Тое, што сёння адбываецца ў нашай роднай Краіне, кранае да глыбіні душы. Народ з надзеяй яднаецца ў адказнасці за лёс сваёй Бацькаўшчыны. На жаль, гэтыя гістарычныя падзеі звязаны не толькі з гонарам і адчуваннем свабоды. Апошнія падзеі азмрочаны пакутамі і кровапраліццем нявінных людзей.

Мы, Caritas Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі, як частка міжнароднай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі, рашуча асуджаем любое праяўленне хлусні, гвалту і правакацыі ў нашай Краіне. Да магчымасці рашэння любога канфлікту заўсёды можа весці мірны дыялог.

Caritas на працягу многіх гадоў дапамагае найбольш неабароненым людзям у нашым грамадстве. Мы змагаемся з беднасцю, ствараем новыя магчымасці, звяртаем увагу міжнародных супольнасцяў на сацыяльныя праблемы ў Беларусі. Сотні і тысячы добрых людзей у свеце падтрымліваюць нашу дзейнасць у Беларусі. Дзякуючы нашый працы з дзяржаўнымі і недзяржаўнымі структурамі, мы ажыццяўляем шматлікія дабрачынныя і сацыяльныя праекты. У сённяшняй сітуацыі мы таксама гатовы несці дапамогу тым, хто пакутуе і патрабуе падтрымкі.

Сёння нам балюча і крыўдна за тое, што мы не змаглі знайсці шляхі мірнага рашэння наспеўшага канфлікту. Молім Бога праз заступніцтва Маці Божай аб міры і згодзе паміж людзьмі, аб спыненні праяўлення ўсялякага насілля, хлусні і парушэння правоў чалавека з абодвух бакоў у захаванні найвялікшай каштоўнасці, якой з’яўляецца годнасць кожнага чалавека.

Бр. Андрэй Жылевіч OFMCap.

Дырэктар Caritas Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі

Відэа: