«Маленькай дапамогі не бывае» — канцэрт «Дапаможам дзецям» адбыўся ў Мінску

У нядзелю пасля вячэрняй святой Імшы ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены адбыўся дабрачынны канцэрт, прымеркаваны да святкавання Вялікадня, а таксама ў падтрымку дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас».

Cродкі, сабраныя падчас канцэрту, будуць накіраваны на набыццё абсталявання рэабілітацыйнага пакоя для дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі. На тэрыторыі Дзіцячага сацыяльна-рэабілітацыйнага цэнтра Св. Лукі ў в. Ляскоўка (Бараўляны) плануецца стварэнне рэабілітацыйнага пакоя для дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі, кошт якога складае 25.000 долараў.

Як паведаміў адзін з арганізатараў мерапрыемства Аляксандр, «Беларусь сутыкнулася з праблемай анкалагічных захворванняў дзяцей, і калі ў нас ёсць хоць невялікая магчымасць дапамагчы, то давайце зробім гэта».

На канцэрце выступіў гродзенскі дыяцэзіяльны хор «Cantate domino», кіраўніком і заснавальнікам якога з’яўляецца дырыжор Генрых Давідовіч. У праграме прагучалі вядомыя многім прыхільнікам творчасці хора кампазіцыі «Дай, добры Божа» (Я. Г. Германовіч), «Верую» (А. Фляркоўскі), «Alleluja» Gen Rosso, Cipri, Mancuso, «Ave Maria» Dawid Kusz і інш.

«Карытас» з’яўляецца ініцыятарам правядзення розных дабрачынных акцый і праграм. Удзяляе асаблівую ўвагу дзецям, дзецям-сіротам, інвалідам, малазабяспечаным асобам, пенсіянерам, шматдзетным, няпоўным сем’ям, а таксама ўсім тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі незалежна ад іх рэлігійнай, палітычнай, нацыянальнай і расавай прыналежнасці.

Паводле сайта catholic.by 

 

 

 

 

 

 

 

Відэа: