Паездка ў Чавусы

15 снежня супрацоўнікі РМ “ДКТ Карытас” ММА наведалі адну з самых далёкіх ад Мінска парафій – Чавусы.

У шлях мы выправіліся раніцай, бо ехаць амаль 300 кіламетраў у адзін бок. Першай пунктам нашага падарожжа быў Чавусскі касцёл, дзе нас гасцінна сустрэў пробашч парафіі – айцец Рыгор Ксёнжэк, SP. Айцец актыўна займаецца сацыяльнай працай у сваёй парафіі. У гэтай справе яму дапамагае спадарыня Таісія Уладзіміраўна Макарава – супрацоўніца тэрытарыяльнага цэнтра, але перш за ўсё чалавек, адкрыты на патрэбы іншых. Дапамагаюць таксама парафіяне і проста людзі добрай волі. Парафія плённа супрацоўнічае з сацыяльным цэнтрам, раённай бальніцай і, канешне, з Карытас Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пры падтрымцы Карытас тут ўжо рэалізавана некалькі сацыяльных праектаў. Самы значны з іх – гэта “Лінія жыцця”. У рамках гэтага праекта быў зроблены грунтоўны рамонт дамоў, у каторых жывуць сем’і з прыёмнымі дзецьмі. 

Мэтай жа нашага апошняга візіту стала дапамога сямі сем’ям перасяленцаў з Луганскай і Данецкай абласцей Украіны. Мы прывезлі  некаторую мэблю, вопратку, прадукты, і пабывалі ў двух сем’ях – Марыны і Алега Шабанавых і Яўгеніі і Дзмітрыя Казупавых у в.Благавічы Чавусскага раёна. У кожнай сям’і свая гісторыя. Але іх яднае адно – ў пэўны момант яны апынуліся ў чужой краіне і амаль ні з чым. На радзіме яны пакінулі працу, гаспадарку, утульнае жыллё. Тут жа ім усё прыходзіцца пачынаць з пачатку. Большасць з перасяленцаў уладкаваліся працаваць у калгасы. Праца хоць і не высокааплочваемая, аднак дапамаглі з жыллём. Праўда, з жыллём не ўсё так проста. Яно ў большасці патрабуе грунтоўнага рамонту – сцены голыя, палы праваліліся, камунікацыі не падведзены. Ну і, вядома, ніякай мэблі. Аднак, гэта усё адно лепш, чым стрэлы і бомбы. Таму, паціху, сем’і робяць рамонт. За лета ужо многае ўдалося зрабіць – змяніць палы, паклеіць некаторыя пакоі, падвесці электрычнасць. Удалося нават завесці гаспадарку – і свінак, і курэй, і нават трусоў.

Яшчэ адзін пункт нашага падарожжа – Чавусская раённая бальніца. Сюды мы прывезлі некаторае абсталяванне, а таксама наведалі яшчэ аднаго падапечнага чавусскай парафіі – Алега Сакалова. У хлопца сумная гісторыя – яму 20 год і ён паралізаваны з-за пералома шыйнага пазванка. Даглядаць яго асабліва некаму – бацькі памерлі, ёсць толькі стрыечны брат, у якога свая сям’я. У хлопца пачалі з’яўляцца пролежні, таму яго забралі ў шпіталь на некалькі тыдняў, але ужо хутка ён вернецца дадому. Каб аблегчыць яго быт мы прывезлі спецыяльні ложак для ляжачых хворых, таксама інваліднае крэсла і прадметы асабістай гігіены. Ну і канешне зайшлі, каб паддтрымаць Алега добрым словам. Сітуацыя яго няпростая, але айцец Рыгор не губляе надзеі на рэабілітацыю хлопца.

Вось такі ў нас атрымаўся візіт у далёкую, але адкрытую на патрэбы бліжніх парафію. 

P.S. Сем’ям з Украіны ўсё яшчэ патрэбна мэбля, посуд, напольнае пакрыцце, бытавая тэхніка. Калі можаце і хочаце дапамагчы – звяртайцеся у Карытас Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі (+375293651878, Вольга).

Відэа: