Святло міласэрнасці

Распачаўся літургічны перыяд Вялікага Посту – гэты час дадзены нам для засяроджання над сваім жыццём і навяртаннем.

Касцёл дае нам дзейсныя сродкі – пост, малітву і міласціну, пры дапамозе якіх, мы маем магчымасць годна падрыхтавацца да святкавання Уваскрасення Хрыста. 

Пост - дапамагае нам пазбавіцца залежнасцяў ад спакусаў гэтага свету, адкінуць тое, што можа заняло ў нашым жыцці неўласцівае першае месца.

Малітва - дазваляе нам наблізіцца да Бога ў часе прысвечаным Яму, пачуць Яго голас, спазнаць Яго волю.

Міласціна - дапамагае нам наблізіцца да сваіх братоў, да тых, каго мы можа і не заўважаем у штодзеннасці, але для каго мы вельмі неабходныя.

Такім чынам праяўляецца логіка міласэрнасці, якая паводле слоў Папы Францішка з’яўляецца пяшчотным дотыкам Бога. Заўсёда ёсць я, Бог і іншы чалавек. Мы не можам выкрэсліць нікога з гэтай Супольнасці. Бог праяўляе сваю Міласэрнасць да нас, але і нас заклікае быць міласэрнымі адзін да аднаго.

Праявай нашай хрысціянскай міласэрнасці да бліжніх з’яўляецца Дабрачыннае каталіцкае Таварыства Карытас – частка Касцёла, якая паклікана клапаціцца пра патрабуючых. Падчас вялікапоснай акцыі “Святло Міласэрнаці” Карытас прысвячае асаблівую ўвагу убогім і патрабуючым. Распаўсюджваючы адмысловыя свечкі з сімволікай Юбілейнага Года Міласэрнасці, Карытас збірае сродкі для дапамогі тым, хто церпіць ад голаду і нястачы. Няхай наш супольны удзел у гэтай акцыі, будзе ўцелаўленнем пяшчотнасці Бога, якую Ён мае да кожнага з нас.

Падпісалі:

Бр. Андрэй Жылевіч OFMCap. Дырэктар Карытас Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Відэа: