Рыхтуемся да Будслаўскага фэста разам!

Набліжаецца пачатак ліпеня, які для кожнага католіка атаясамляецца з адметнай падзеяй – Будслаўскім фэстам. Урачыстасці Маці Божай Будслаўскай – гэта перш за ўсё момант нашай духоўнай адновы перад абліччам нашай нябеснай Маці.

 А яшчэ гэта цудоўная нагода сустрэцца з сябрамі, бо, напэўна, цяжка знайсці католіка, які хаця б на пару гадзін не прыбудзе да Будслаўскай святыні. Пешшу, на ровары, аўтобусам ці машынай. Хтосьці вырушыць ужо праз некалькі дзён, хтосьці пазней. Усе шляхі ў гэтыя дні так ці інакш вядуць у Будслаў.

Падрыхтоўка ж да Будслаўскага фэста ідзе ўжо зараз. Розныя каталіцкія супольнасці, рухі, арганізацыі будуць прадстаўлены на ўрачыстасцях. Сёлета намёт Карытас будзе працаваць пад дэвізам “Смак дабрыні”. Гэта значыць, што ў намёце можна будзе не толькі даведацца, што добрага Карытас зрабіў за гэты час, але таксама адчуць на смак, як соладка рабіць дабро. Бо спецыяльна для удзельнікаў урачыстасцей будуць падрыхтаваны салодкія “прывітанні з Будслава” і яшчэ больш салодкая цукровая вата. Акрамя таго, тут можна будзе пачаставацца адмысловай гарбатай, знайсці свечку з лагатыпам Года Міласэрнасці, ці проста бутэльку вады. А знайсці намёт будзе нескладана, таму што у гэтым годзе ен размесціцца побач з намётам Братоў Капуцынаў, якія шырока вядомыя сваёй адмысловай кавай, без якой не абходзіцца ужо каторы Будслаўскі фэст. 
Як заусёды, у гэтым годзе на ўрачыстасцях Маці Божай Будслаўскай будзе шмат цікавага. Таму заплануйце свой час, каб паспець наведаць не толькі нашу Апякунку – Маці Божую, але і даведацца штосьці новае пра жыцце Касцёла.
 
2016.07.01

Відэа: