Адбыліся сустрэчы валанцёраў парафіяльных Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
9 і 10 снежня адбыліся сустрэчы валанцёраў парафіяльных Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Было прыемна бачыць даўно знаёмых валанцёраў, якія актыўна вядуць дабрачынную дзейнасць у Заслаўі, Маладзечне, Нясвіжу, Стоўбцах. Сярод нас аказалася і шмат новых дабраахвотникаў з парафій г. Мінска і не толькі.
У першы дзень у Дзіцячым цэнтры св. Лукі трэнінг праводзіла с. Валерыя Пацукевіч MSF - адказная за дабрачынную дзейнасць у Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям'і. Карысна, утульна, з любоўю.
Другі дзень распачаўся святой Імшой у архікатэдры, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Сустрэча прадоўжылася ў дольным касцёле, дзе намеснік дырэктара "Карытас" ММА Вольга Лабуць падзялілася вынікамі дзейнасці арганізацыі за 2023 год, а таксама падрыхтавала прэзентацыю пра сутнасць працы парафіяльнага Карытас.
У кожнага ўдзельніка была выдатная магчымасць зрабіць маленькую добрую справу - падпісаць віншавальныя паштоўкі для людзей, якія знаходзяцца ў аддзяленні сястрынскага догляду Крупскай бальніцы і адзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Бярэзінскага ТЦСАН.
Валанцёры з Заслаўя, Маладзечна, Нясвіжу і Стоўбцаў прадставілі дабрачынную дзейнасць сваіх парафіяльных цэнтраў Карытас за ўвесь час з пачатку іх заснавання.
Сёння мы кажам "дзякуй" усім, хто адгукнуўся на запрашэнне і быў побач з намі ў гэтыя дні.
Спадзяемся, што кожны з вас добра правёў час і зарадзіўся новымі сіламі аж да наступнай сустрэчы.