Калі дзіцячая шчырасць змяняе свет: вынікі акцыі "Скарбонка дабрыні"
Месяц таму завяршылася дыяцэзіяльная акцыя «Скарбонка Дабрыні», арганізаваная «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Галоўнай мэтай ініцыятывы была спроба закласці пачатак выхавання ў дзяцей і падлеткаў культуры дабрачыннасці, даць ім практычную магчымасць рэалізаваць сваю велікапосную пастанову праз канкрэтную дапамогу бліжнім. Акцыя стала для дзяцей жывым урокам, які паказаў, што нават маленькая асабістая ахвяра можа стаць вялікай падтрымкай для іншых.
Ініцыятыва знайшла неверагодна цёплы водгук. Да акцыі далучыліся каля 600 дзяцей з 15 парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: парафія Святога Апостала Андрэя (аг. Нарач), парафія св. Антонія (г.Магілёў), парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (аг. Будслаў), парафія Святога Валянціна (г.Смалявічы), парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (г. Мінск, Катэдра), парафія Св. Казіміра (г. Маладзечна), парафія Спаслання Духа Святога (г. Барысаў), парафія Найсвяцейшага сэрца Езуса і Беззаганнага сэрца Марыі (аг. Фаніпаль), парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (аг. Дзераўная), парафія св. Міхала Арханёла (п. Гатава), парафія Божага Цела (г. Нясвіж), парафія Багародзіцы Апякункі сем’яў (аг. Ждановічы), парафія Божага Цела (г. Мінск), парафія св. Францішка Асізскага (в. Копішча, Мінскі р-н), парафія св. Казіміра (г. Лагойск).

Мы бачым у гэтым велізарную заслугу святароў і катэхетаў, якія не проста распавялі пра акцыю, але і запалілі дзіцячыя сэрцы жаданнем дапамагаць. Звычайныя скрыначкі ў руках дзяцей ператвараліся ў сімвалы надзеі, якія яны з энтузіязмам упрыгожвалі і напаўнялі.
Усе сабраныя сродкі былі накіраваныя на падтрымку падапечных "Карытас" Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі - Дзіцячага цэнтра св. Лукі, дзе праходзяць рэабілітацыю дзеці з анкалагічнымі захворваннямі.


Кожная дзіцячая ахвяра, нават самая маленькая, ператварылася ў рэальны клопат. На сабраныя сродкі ўжо набыты рэчы, якія створаць утульнасць і камфорт у цэнтры св. Лукі: сродкі асабістай гігіены, пасцельная бялізна, наматраснікі, ручнікі, пледы, посуд (шклянкі, талеркі, кубкі, патэльні), чайнікі, пральная машына, мыйныя сродкі (парашок, бытавая хімія, швабры, туалетная папера і інш.), прадуктовыя наборы для сем'яў Дзіцячага цэнтра, дыванкі пры ўваходзе. Акрамя таго, дзякуючы акцыі мы змаглі перацягнуць старую мэблю, якая ўжо страціла выгляд і мела пашкоджанні — цяпер яна выглядае акуратна і будзе служыць далей.
Усё пералічанае — не проста рэчы. Гэта тое, без чаго немагчымы чысціня, парадак і хатняе цяпло. У цэнтры вельмі актыўнае жыццё, і рэчы, на жаль, не вечныя. Але так і павінна быць, калі ўсё ідзе поўным ходам. Таму кожная швабра, кожная талерка, кожны дыванок — гэта рэальны ўнёсак у наш дабрабыт і парадак. Дзякуючы вам мы можам не турбавацца пра гэта і займацца галоўным — дзецьмі.

Гэты досвед — нешта значна большае, чым проста ўдзел у акцыі. Гэта першы крок да таго, каб у будучыні стаць валанцёрам «Карытас» і дзяліцца не толькі матэрыяльнай дапамогай, але і сваім часам, талентамі і клопатам.
Сапраўдным вынікам акцыі стала тое, як дзеці праявілі сябе. Не проста так, а свядома: хтосьці прынёс сваю скарбонку, хтосьці ўпрыгожваў скрынкі малюнкамі, хтосьці разам з бацькамі шукаў адказ на пытанне «навошта». А некаторыя напісалі лісты — без прыўкрас, але са шчырасцю, на якую здольныя толькі дзеці. Гэтыя лісты мы перадалі асабіста. І ведаем: такая ўвага часам даражэйшая за любыя рэчы.
«Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выказвае шчырую і сардэчную падзяку святарам, катэхетам, бацькам і, безумоўна, нашым галоўным героям — дзецям! Ваша адкрытасць і ахвярнасць сталі сапраўдным сведчаннем жывой веры.
Мы верым, што гэтыя зярняткі дабрыні, пасеяныя ў дзіцячых сэрцах падчас Вялікага посту, у будучыні дадуць свой шчодры плён.















.jpg)