Тры дні цяпла, дабрыні і сапраўднага сяброўства
У Дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры св. Лукі прайшоў чарговы адпачынак для нашых сяброў на вазках. На гэты раз мы зноў арганізавалі яго ў фармаце нон-стоп для дзвух груп: спачатку тры дні адпачывалі 8 чалавек, адразу пасля іх – другая група з 11 чалавек, таксама тры дні.
Кожную раніцу мы праводзілі майстар-класы па развіцці дробнай маторыкі і кагнітыўных функцый – нашы падапечныя самі папрасілі іх арганізаваць. Ім вельмі спадабалася, бо заняткі былі не толькі карыснымі, але і падаваліся ў гульнявой і даступнай форме.


Нам вельмі пашанцавала з надвор’ем – гэта дазволіла нам большую частку часу праводзіць на свежым паветры. Мы шмат гулялі па горадзе, наведалі цікавую выставу ў Мастацкім музеі.
Выезды ажыццяўлялі на грамадскім аўтобусе, і гэта для нас прынцыпова. Трэці год мы імкнемся прывіваць нашым сябрам навыкі самастойнага перамяшчэння, хаця гэта і патрабуе дадатковага часу і сіл.


Заўсёды асаблівы момант для нас - сумеснае прыгатаванне шашлыкоў на адкрытым паветры. Разам смажылі, разам елі, шмат размаўлялі і проста добра праводзілі час.

Асобнае слова – нашым валанцёрам. Вы былі побач кругласутачна: дапамагалі з перамяшчэннем, спускамі, у паездках і ў побыце. Дзякуй вам за вашыя рукі, цярпенне і добрыя сэрцы. Без вас спраўляцца сіламі адных супрацоўнікаў было б вельмі складана.
Наступны адпачынак адбудзецца ўжо ў ліпені. Спадзяемся на вашу падтрымку, як і ў гэты раз. Разам мы справімся!














.jpg)