У Дзіцячым цэнтры св. Лукі для валанцёраў парафіяльных Caritas прайшоў практычны трэнінг

Наша каманда валанцёраў парафіяльных Caritas становіцца ўсё больш і больш, і гэта не можа не радаваць. Яны прысвячаюць свой асабісты час дапамозе іншым: пажылым і цяжкахворым людзям, сіротам, людзям з асаблівасцямі развіцця і многім іншым, хто патрабуе падтрымкі.
Аднак здараюцца моманты, калі ўнутраныя сілы ў валанцёраў могуць заканчвацца, і ўзнікае пытанне: дзе знайсці рэсурс для працягу? Такая сітуацыя можа закрануць чалавека любой прафесіі і кваліфікацыі, бо валанцёрства - праца далёка не простая і часта звязана з высокімі эмацыйнымі перагрузкамі.
Дык якія метады і тэхнікі можна выкарыстоўваць для пошука унутраных магчымасцяў? І чаму гэта важна?
Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна было пачуць на практычным семінары "Пошук унутранага рэсурсу ў складаных сітуацыях", які праводзіў псіхолаг кс. Аўгуст Калясінскі.

- Кожнаму чалавеку патрэбна месца, дзе ён можа аднавіць свае рэсурсы, і такія трэнінгі - выдатная магчымасць для валанцёраў атрымаць неабходную падтрымку. Бо калі ў цябе ёсць унутраная апора, то і дапамога іншым становіцца яшчэ больш значнай і карыснай, - кажа Ірына Фаміна, каардынатар валанцёраў парафіяльных Caritas.
Верым, што атрыманыя веды дапамогуць удзельнікам выявіць асабістыя крыніцы сіл і навучыцца выкарыстоўваць іх у паўсядзённым жыцці.
Валанцёрства - гэта не толькі аддача, але і пастаянная праца над сабой, пошук гармоніі і балансу. Не варта забываць, каб дапамагаць іншым, неабходна падтрымліваць таксама і самога сябе.




