У Дзіцячым цэнтры св. Лукі прайшоў адпачынак для людзей з інваліднасцю на вазках

У Дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры св. Лукі прайшоў адпачынак для нашых падапечных з інваліднасцю на вазках. І ўпершыню нон-стоп для дзвюх груп: спачатку прыехала група з 10 чалавек на тры дні, а потым — другая група з 11 чалавек, таксама на тры дні.

Мы каталіся на карабліку па Камсамольскім возеры, разам смажылі шашлыкі, праводзілі вечары ва ўтульнай альтанцы за размовамі, гулялі ў развіваючыя гульні, бавілі час ў лесе.
Адзначым, што паездкі па Мінску другі год мы праводзім выключна на аўтобусе, імкнемся прывіваць нашым сябрам навыкі самастойнага перамяшчэння, хоць гэта і ўяўляе пэўныя цяжкасці і патрабуе дадатковага часу і намаганняў.

Важную ролю ў нашых мерапрыемствах адыгралі валанцёры, якія кругласутачна дапамагалі і падтрымлівалі нас. Штодзённы клопат - перамяшчэнне і спуск, суправаджэнне ў паездках і дапамога ў побыце - патрабуюць фізічных сіл і цярпення. Самастойна спраўляцца сіламі нашых супрацоўнікаў было б вельмі складана. Дзякуй вам, дарагія!


