У сацыяльнай службы "Табіта" з'явіўся новы офіс у Мінску
5 сакавіка для сацыяльнай службы "Табіта" адбылася важная падзея - з'явіўся новы офіс у Мінску.
Асобнае месца для сустрэч, дзе нашы сацыяльныя работнікі змогуць планаваць сваю працу з цяжкахворымі людзьмі і ставіць мэты па паляпшэнні якасці іх жыцця, праводзіць трэнінгі і абменьвацца вопытам, а таксама дзяліцца сваімі праблемамі і падтрымліваць адзін аднаго.
У цырымоніі адкрыцця і благаслаўлення прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, дырэктар Caritas-Беларусь кс. Андрэй Аніскевіч, дырэктар Caritas ММА бр. Анатоль Ярошка OFMCap, кіраўнік службы «Табіта» Людміла Платава, супрацоўнікі і валанцёры, партнёры і запрошаныя госці, сярод якіх былі прадстаўнікі славацкага і чэшскага пасольстваў у Беларусі.
"Менавіта ў гэтым месцы будзе адбывацца сустрэча чалавека з чалавекам, а гэта значыць, што патрабуючы будзе мець магчымасць сустрэцца тут таксама з міласэрным Богам. Таму няхай гэтая прастора сапраўды стане тым месцам, дзе можна будзе адчуць лагодны дотык Бога да нашага сэрца, а праз нас — да сэрца іншага чалавека." — сказаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
На працягу сямі гадоў сацыяльныя работнікі аказалі дапамогу 170-і асобам, 63-х суправаджалі да апошняга моманту іх жыцця.
Новы офіс будзе знаходзіцца ў будынку пастырскага цэнтра Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі (вул. Кальцова, 153)