У Віцебску адбыліся велікапосныя рэкалекцыі для супрацоўнікаў Caritas Беларусі
Рэкалекцыі – гэта асаблівы час навяртання і паглыблення адносінаў з Богам, а гэта патрабуе цішыні, засяроджання і інтэнсіўнай малітвы. Кожнаму з нас потрэбен такі час, у якім мы маем шчасце сабрацца, упарадкаваць свой свет, аднавіць сябе ў веры і малітве. У Віцебску адбыліся Вялікапосныя рэкалекцыі для супрацоўнікаў Caritas Беларусі.
Разважанні праводзіў ксёндз канонік Валерый Марціноўскі, пробашч Віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага.
Тэмай рэкалекцый стала ахвярнае служэнне Касцёла патрабуючым, хворым, абяздоленым і пакінутым людзям. І прыкладам такога служэння была выбрана постаць Папы Рымскага Францішка, які ў гэтым годзе адзначыў 11 год пантыфікату.
Віцебск стаў месцам для правядзення рэкалекцый невыпадкова, бо сёлета адзначаецца 25-годдзе заснавання Віцебскай дыяцэзіі.
Напрыканцы спаткання Святую імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч, які ўдзяліў усім прысутным урачыстае благаслаўленне на далейшую працу і ахвярнае служэнне людзям.